Главная » 2014 » Август » 25 » Каб было жаданне, трэба зацікавіць
12:55
Каб было жаданне, трэба зацікавіць

Некаторы час студатрадаўскі рух лічыўся прызабытым. Другое жыццё ён атрымаў у 2003 годзе. Галоўным натхняльнікам стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Гэтым летам у раёне сфарміравана 9 студэнцкіх атрадаў (177 чалавек). Яны даюць юнакам і дзяўчатам унікальную магчымасць папрацаваць, атрымаць дадатковыя навыкі і з карысцю правесці час.

У гэтым годзе маладыя людзі змогуць зарабіць каля мільёна рублёў. У атрадзе імя Героя Вялікай Айчыннай вайны А. Петрушэўскага працуюць дзевяць чалавек. Цяжкай работы падлеткі не баяцца. Па словах кіраўніцтва ЖКГ (у гэтай арганізацыі задзейнічаны 3 атрады), яны проста малайцы. Зрабілі адну справу на добраўпарадкаванні горада, адразу бяруцца за іншую.

– Каб у моладзі было жаданне працаваць, яе трэба зацікавіць, – расказвае другі сакратар райкама БРСМ Юрый Паўловіч. – А для гэтага неабходна жаданне кіраўнікоў іх прымаць, прыслухоўвацца да меркаванняў, даручаць адказную работу, каб юнакі і дзяўчаты казалі: “Мы зрабілі шмат карыснага!”

Ды і моладзь раёна хоча папрацаваць летам. Напрыклад, калі збіралі атрад у 25 чалавек для работы ў СВК, спачатку набралі толькі 15 чалавек. А ўсё з-за таго, што не было ўпэўненасці ў значнасці. Энтузіязм трэба заахвочваць, і не толькі фінансава.

Як адзначылі самі студатрадаўцы, аб’ём работ іх задавальняе, прыкладны заробак таксама, таму працуюць з добрым настроем і прадукцыйна. Нягледзячы на тое, што маладыя работнікі пазнаёміліся зусім нядаўна, яны лёгка знайшлі агульную мову, пасябравалі. Камандзір атрада Сяргей Комар сумяшчае летні адпачынак з працай. “Ёсць планы, і грошы не перашкодзяць”, – тлумачыць свой выбар малады чалавек. Працоўны дзень – сем гадзін: звычайна з васьмі да чатырох вечара. Свае абавязкі асвоілі хутка. Зарплату яшчэ не атрымлівалі, але абяцалі не пакрыўдзіць.

У гаспадарках зараз таксама кіпіць праца. У СВК «Хваецкае», «Багданаўка», «Вялікія Чучавічы», «Велута» задзейнічана 6 атрадаў. Хлопцы занятыя на сушцы збожжа, а дзяўчаты збіраюць рассыпанае зерне. Са сваімі задачамі яны паспяхова спраўляюцца, ды і кіраўніцтва кааператываў імі задаволена.

Учреждение "Редакция газеты "Лунинецкие новости"

Просмотров: 202 | Добавил: Administrator_A